LGBTQ+ Policy Paper

Уводзіны

Сёння Беларусь застаецца адной з краін з самым нізкім узроўнем абароны правоў ЛГБТК+ супольнасці ў Еўропе, займаючы 44-е месца з 48 у рэйтынгу Rainbow Map ад ILGA-Europe1. Адсутнасць прававых механізмаў абароны, маргіналізацыя, пераслед і абмежаванне доступу да базавых правоў — гэта толькі частка выклікаў, з якімі штодзённа сутыкаюцца ЛГБТК+ асобы ў краіне.

Гэты дакумент накіраваны на аналіз і пераадоленне гэтых выклікаў. Яго аснова — вынікі круглых сталоў, праведзеных у Грузіі, Польшчы і Літве актывіст_камі ЛГБТК+ супольнасці і прыхільнікамі дэмакратычнай Беларусі. У абмеркаванні ўзялі ўдзел больш за 20 арганізацый, уключаючы СМІ, праваабарончыя арганізацыі, НДА/НКА, незалежных актывіст_ак і палітычных актар_ак. Былі выяўлены ключавыя праблемы, якія стаяць перад супольнасцю, а таксама стратэгіі іх вырашэння, у тым ліку:

  • Супрацьдзеянне гвалту і дыскрымінацыі;
  • Павышэнне бачнасці ЛГБТК+ супольнасці ў грамадскай і медыйнай прасторы;
  • Стварэнне ўстойлівых партнёрстваў з дэмакратычнымі сіламі і праваабарончымі арганізацыямі;
  • Змена грамадскай думкі праз узаемадзеянне з медыя;
  • Умацаванне сувязей і сумесных ініцыятыў з НДА.

Дакумент прапануе практычныя рэкамендацыі і падыходы для працы ў гэтых накірунках, каб стварыць умовы для абароны правоў ЛГБТК+ людзей і паляпшэння іх становішча ўнутры Беларусі.

Ва ўмовах узрастаючага палітычнага ціску і рэпрэсій асаблівую значнасць набываюць намаганні, скіраваныя на змяненне грамадскага ўспрымання і паляпшэнне становішча ЛГБТК+ асоб.

Праблема

ЛГБТК+ супольнасць у Беларусі сутыкаецца з мноствам пагроз, якія можна падзяліць на тры групы: гвалт, дыскрымінацыя і стыгматызацыя. Кожная з іх уключае наступныя аспекты:

Гвалт2:

  • Фізічная небяспека: пагроза фізічнага і сексуалізаванага гвалту;
  • Псіхалагічная небяспека: недахоп кваліфікаванай псіхалагічнай, медыцынскай і сацыяльнай дапамогі;
  • Нармалізацыя і легітымізацыя гвалту ў дачыненні да ЛГБТК+ супольнасці з боку дзяржаўных інстытутаў, дзяржаўная прапаганда нянавісці і мова варожасці ў дзяржаўных СМІ3;
  • Пераследы і рэпрэсіі4, затрыманні5 і катаванні ў турмах2;
  • Выкарыстанне медыцынскіх даных для рэпрэсій;
  • Аўтынг6.

Дыскрымінацыя7:

  • Дыскрымінацыя ў медыцынскіх установах: недахоп медыцынскай дапамогі, ускладненне працэсу транс-пераходу;
  • Дыскрымінацыя на месцы працы і вучобы.

Стыгматызацыя8:

  • Маргіналізацыя і дэгуманізацыя ЛГБТК+ супольнасці9;
  • Мізгендэрынг, мізнэймінг, лукізм;
  • Стыгматызацыя ў сям’і;
  • Стыгматызацыя ўнутры самой супольнасці;
  • Унутраная гома-, бі – і трансфобія;
  • Ізаляцыя супольнасці.

Стыгматызацыя і ізаляцыя супольнасці павышаюць узровень дыскрымінацыі, што ўзмацняе гвалт у дачыненні да ЛГБТК+ людзей. Ізаляцыя супольнасці прыводзіць да найважнейшай праблемы для ЛГБТК+ супольнасці — адсутнасці бачнасці і прадстаўніцтва, што выяўляецца ў ігнараванні і адмаўленні ЛГБТК+ асоб, а таксама ў адсутнасці іх рэпрэзентацыі ў грамадскім і палітычным жыцці з боку дэмакратычных актар_ак.

Такое становішча ўзмацняе грамадскія прымхі і ўплыў дзяржаўных рэпрэсій, што перашкаджае развіццю дэмакратычных каштоўнасцяў у беларускім грамадстве ў цэлым.

Мэты і задачы

Мэта: Забяспечыць бачнасць ЛГБТК+ людзей і прасоўванне іх правоў праз падтрымку з боку палітычных суб’ектаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці, фондаў, праваабарончых арганізацый і медыя — актар_ак, чые каштоўнасці ўключаюць абарону дэмакратыі, праз рэпрэзентацыю, адукацыю, інфармаванне і кааперацыю.

Задачы

  • Укараненне інклюзіўных практык сярод дэмакратычных актар_ак;
  • Інфармаванне дэмакратычных актар_ак пра патрэбы, пагрозы і выклікі для кансалідацыі і ўзмацнення ЛГБТК+ супольнасці;
  • Фарміраванне прадстаўніцтва ЛГБТК+ супольнасці сярод дэмакратычных актар_ак;
  • Узмацненне рэпрэзентацыі ЛГБТК+ людзей у медыя;
  • Барацьба з прапагандай і мовай варожасці беларускіх і расійскіх дзяржаўных медыя праз медыякампаніі і адукацыйныя праграмы;
  • Пашырэнне кааперацыі і партнёрства дэмакратычных актар_ак і ЛГБТК+ супольнасці;
  • Узмацненне абароны правоў ЛГБТК+ людзей праз адвакацыю сярод дэмакратычных актар_ак.

Рэкамендацыі

1. Рэкамендацыі на аснове вынікаў працы круглых сталоў у Вільні, Варшаве і Тбілісі:

Для забеспячэння бачнасці ЛГБТК+ людзей і прасоўвання іх правоў мы стварылі спіс рэкамендацый, якія падзялілі на чатыры блокі: прававая падтрымка і адвакацыя; ЛГБТК+ і медыя; адукацыя і трэнінгі; грамадская дзейнасць.

У сферы прававой падтрымкі мы рэкамендуем:

  • Маніторынг рэпрэсій у дачыненні да ЛГБТК+: штогадовае публікаванне справаздачы1011;
  • Правядзенне трэнінгаў па юрыдычнай і лічбавай бяспецы12;
  • Маніторынг неінклюзіўных практык асноўных палітычных актар_ак дэмакратычных сіл Беларусі;
  • Рэформа/закон аб інклюзіі і грамадзянскіх партнёрствах: стварэнне працоўнай групы, распрацоўка, прэзентацыя, абмеркаванне і даданне ў спіс рэформ.

У сферы ЛГБТК+ і медыя ёсць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва:

  • Правядзенне нетворкінгаў з прадстаўні_цамі медыя;
  • Маніторынг неінклюзіўных практык медыя Беларусі13;
  • Уключэнне тэмы ЛГБТК+ у рассылкі для медыя, НДА і палітычных актар_ак;
  • Па пытаннях, звязаных з ЛГБТК+ супольнасцю, рэкамендуецца звяртацца да экспертаў з самой супольнасці.

У сферы адукацыі і трэнінгаў:

  • Навучанне актывіст_ак інклюзіўным практыкам14;
  • Асвятляць тэму ЛГБТК+ у адукацыйных курсах. Напрыклад, у кантэксце парушэння правоў супольнасці;
  • Стварэнне школы паліты_кінь для ЛГБТК+.

У напрамку публічнай палітыкі мы рэкамендуем:

  • Стварэнне асацыяцыі ЛГБТК+ арганізацый;
  • Стварэнне прадстаўніцтва па ЛГБТК+ у АПК, а таксама дарадцаў і дарадніц у іншых палітычных і грамадскіх арганізацыях;
  • Прыняцце заяў у падтрымку ЛГБТК+ супольнасці15.

2. Рэкамендацыі на аснове міжнароднага досведу ЛГБТК+ і праваабарончых арганізацый:

  1. Умацаванне прававой абароны:
    • Распрацоўка антыдыскрымінацыйнага заканадаўства: Укараненне норм, якія забараняюць дыскрымінацыю па прыкметах сексуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, як гэта зроблена ў краінах ЕС. Напрыклад, антыдыскрымінацыйныя дырэктывы Еўрапейскага Саюза могуць стаць мадэллю для заканадаўчых рэформ.
    • Стварэнне механізмаў абароны актывіст_ак: Партнёрства з міжнароднымі арганізацыямі, такімі як Amnesty International, для дакументавання парушэнняў і лабіравання зменаў у прававой сістэме.
  2. Супрацоўніцтва паміж НКА, СМІ і міжнароднымі партнёрамі:
    • Падтрымка незалежных медыя: Выкарыстанне платформаў для прасоўвання праблем ЛГБТК+ праз фарматы, якія падкрэсліваюць рашэнні, а не толькі праблемы (журналістыка рашэнняў). Гэта змяншае трывожнасць аўдыторыі і дапамагае стварыць пазітыўны дыскурс.
    • Праграмы абмену досведам: Арганізацыя міжнародных адукацыйных семінараў і стажыровак для ЛГБТК+ актывіст_ак з фокусам на адвакацыю і кіраванне праектамі.
    • Англамоўныя ініцыятывы: Прасоўванне інфармацыі аб становішчы ЛГБТК+ у Беларусі на міжнароднай арэне праз публікацыі і супрацоўніцтва з замежнымі выданнямі.
  3. Павелічэнне бачнасці ЛГБТК+ супольнасці:
    • Мікра-кампаніі ў сацыяльных сетках: Стварэнне бяспечных анлайн-прастор для абмеркавання і ананімнага абмену вопытам. Гэта могуць быць апытанні, сторыс, прысвечаныя асабістым гісторыям, і відэаролікі з адукацыйным кантэнтам.
    • Выкарыстанне ананімных платформ: Для прыцягнення больш шырокай аўдыторыі, як у прыкладзе Латвіі, дзе актывіст_кі запускалі ініцыятывы праз Instagram і Facebook, мінімізуючы пагрозу для ўдзельніц.
  4. Умацаванне самаарганізацыі і падтрымкі супольнасці:
    • Стварэнне лакальных груп узаемадапамогі: Падтрымка найбольш уразлівых груп праз сеткавыя ініцыятывы, напрыклад, стварэнне псіхалагічных і юрыдычных кансультацый на аснове досведу міжнародных платформаў, такіх як Rainbow Europe.

Заключэнне

Дэмакратычныя актар_кі, якія імкнуцца да пабудовы краіны, заснаванай на правах чалавека і вяршэнстве закона, павінны прадэманстраваць прыхільнасць абароне найбольш уразлівых груп, уключаючы ЛГБТК+ супольнасць. Ігнараванне беспрэцэдэнтных у гісторыі незалежнай Беларусі фактаў парушэння правоў супольнасці недапушчальна. Гэта падрывае давер да дэмакратычных актар_ак, як да абаронцаў універсальных каштоўнасьцяў, заснаваных на канцэпцыі правоў чалавека.

Падтрымка ЛГБТК+ супольнасці дэмакратычнымі актар_камі – гэта важны акт наяўнасці палітычнай самасвядомасці і суб’ектнасці, які сігналізуе аб тым, што Беларусь можа стаць краінай, дзе кожны чалавек мае роўныя правы, магчымасці, абарону годнасці, незалежна ад сваёй сэксуальнай арыентацыі ці гендэрнай ідэнтычнасці. Таму прыняцце прапанаваных рэкамендацый дэмакратычнымі актар_камі з’яўляецца важным крокам на шляху да стварэння інклюзіўнага і справядлівага грамадства ў Беларусі.

Гэты дакумент служыць не толькі практычным кіраўніцтвам, але і заклікам да неадкладных дзеянняў на міжнародным і мясцовым узроўнях, з мэтай узмацнення абароны правоў чалавека, без якіх немагчыма пабудова свабоднай і дэмакратычнай будучыні для Беларусі.

Хто падтрымлівае гэты дакумент?

  1. Ворыхава Маргарыта, Прадстаўніца па моладзевай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі
  2. Калініна Марына(Зялёная), сябра Каардынацыйнай Рады 3-га  склікання (фракцыя “Беларусы”)
  3. Медыя-ініцыятыва “Гэта Окей
  4. Маладая Грамада
  5. ЛГБТК+ ініцыятыва Future_Lt
  6. ДазХiп Медыя
  7. Праект biz.by.queers
  8. Ініцыятыва Маладыя Людзі +

  1. https://rainbowmap.ilga-europe.org/countries/belarus/ []
  2. https://torturesbelarus2020.org/wp-content/uploads/2023/05/report_lgbtq_ru.pdf [] []
  3. https://tbelarus.com/post/repressii-lgbtk-2022 []
  4. https://mediazonaby.com/article/2024/11/19/lgbtq []
  5. https://www.dw.com/ru/v-rb-prosli-massovye-zaderzania-sredi-lgbtksoobsestva-s-cem-oni-svazany/a-70442748 []
  6. https://zaborona.com/ru/kak-belaruskie-vlasti-ispolzuyut-gomofobiyu-dlya-repressij/ []
  7. https://legin.info/uploads/20241119_673c899eaafa9.pdf []
  8. https://theothersby.org/ru/stereatypy-pra-kvir-person/ []
  9. https://www.hrw.org/ru/news/2024/04/16/belarus-calls-lgbt-lives-pornography []
  10. https://tbelarus.com/post/repressii-lgbtk-2023 []
  11. https://legin.info/documents/46 []
  12. https://ecom.ngo/resource/files/2021/05/bezopasnostj-lgbtik-aktivistov-rabochaya-tetradj.pdf []
  13. https://gpress.info/wp-content/uploads/j4t-hs-monitoring-2023-final-ru-edited.pdf []
  14. https://ru.euronews.com/culture/2023/05/31/ru-lgbtq-rights-in-europe-more-violence-more-equality []
  15. https://ecom.ngo/news-eeca/vijivaya-v-krizisah-lgbtk-aktivizm-v-belarusi []