Свабода, роўнасць, справядлівасць, салідарнасць – гэта тыя галоўныя прынцыпы, якія акрэсліваюць нашы каштоўнасці. Гэтыя каштоўнасці – нашае бачанне грамадства і, адначасова, фармулёўка нашых практычных дзеянняў. Рэалізацыя гэтых прынцыпаў – гэта працэс, да якога мы усе імкнемся, усведамляючы што амаль немагчыма здзсейсніць гэта адразу для усіх і кожнага.
Палітычная сістэма
Парламентская дэмакратыя. Пераход да дэмакратыі адбываецца праз канстытуцыйную рэформу. Прыняццё дапаўненняў і зменаў у Канстітуцыю можа спыніць палітычны крызіс і стварыць новы сацыяльны кантракт. Гэтыя змены усталёўваюць размежаванне галінаў улады і вяршынства права, дзе Парламент – адзіны заканадаўчы орган ўлады. Выбары ў аднапалатны Парламент адбываюцца па прапарцыйна-мажарытарнай сістэме. Парламенту вяртаюцца кантрольныя функцыі за рэалізацыяй бюджэту і аднаўляецца Кантрольная палата. Парламент зацвярджае Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца кіраўніком выканаўчай улады. Вярхоўны суд абіраецца Парламентам. Абмяжоўваюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта да прадстаўнічых функцый.
Партыйная рэформа. Спрашчаецца працэдура рэгістрацыі партый. Зарэгістраваныя Міністэрствам юстыцыі палітычныя партыі фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту.
Рэформа дзяржаўнага апарата. Скарачаецца колькасць міністэрстваў і ведамстваў. Скарачаюцца выдаткі на апаратную дзейнасць і пераразмеркаваюцца ў іншыя сферы грамадства, такія як медыцына, адукацыя і навука.
Дэцэнтралізацыя ўлады праз рэформы мясцовага самакіравання і новага адміністрацынага падзелу. Замест 6 абласцей ствараюцца 18 акругаў. Цэнтрамі акругаў становяцца такія гарады, як Мінск, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Жлобін, Крычаў, Ліда, Магілёў, Мазыр, Маладзечна, Орша, Пінск, Полацк, Салігорск. Райцэнтры застаюцца цэнтрамі раёнаў. Беларусь далучаецца да Еўрапейскай хартыі аб мясцовым самакіраванні. Кіраўнікі гарадоў, акругаў, раёнаў, вёсак і мястэчак з’яўляюцца выбарнымі пасадамі. Функцыя кіруючага апарату абмяжоўваецца выкананнем рашэнняў мясцовага Савета (Рады) дэпутатаў, а таксама вышэйшых органаў улады.
Эканамічная сістэма
Адыход ад сістэмы дзяржаўнага капіталізму. Дзяржава – рэгулятар. Усталёўваецца прыярытэтнасць рынкавай эканомікі з пэўнай роляй дзяржавы ў тых сферах, дзе рынкавы механізм не можа адначасова забяспечыць эфектыўнасць і сацыяльную справядлівасць. Рэалізоўваецца канцэпт дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту праз наступныя крокі:
- Рэструктурызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў. Спыняюцца датацыі у стратныя прамысловыя прадпрыемствы і іх прыватызацыя. Прадпрыемствы па здабычы карысных выкапняў, метро і грамадскі транспарт застаюцца ва дзяржаўнай і камунальнай уласнасці. Працэс прыватызацыі адбываецца адкрыта. Усе грамадзянкі і грамадзяне Беларусі меюць права на набыццё акцый прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі, праз рынак каштоўных папер. Пры гэтым работнікам прадпрыемстваў, якія прыватызуюцца, гарантуецца ўдзел ў прыватызацыі на льготных умовах. Адмяняюцца ўсе абмежаванні на абарот акцый: іх можна свабодна прадаваць, дарыць, закладваць і перадаваць у спадчыну.
- Ствараюцца праграмы тэставання 4-дзённага працоўнага тыдня.
- Дэманапалізацыя авіяперавозак і з’яўленне лоўкоставых кампаній.
- Развіццё і падтрымка прадпрымальніцтва. Увядзенне ільготнага перыяду для новых беларускіх камерцыйных кампаній і інвестараў на працягу трох гадоў.
- Усталяванне прагрэсіўнай шкалы для падаткаў і штрафаў. Таксама больш падаткаў плацяць тыя, хто акзавае большы негатыўны уплыў на навакольнае асяроддзе.
- Памяньшэнне залежнасці ад Расіі і паляпшэнне эканамічных сувязяў з ЕС.
- Беларусь уступае ў СГА (WTO).
Гуманізацыя і прымірэнне грамадства
Дзяржава гарантуе і забяспечвае свабоды асацыяцый, слова, друку, мірных сходаў, мітынгаў, дэманстрацый, шэсцяў, пікетаў і іншыя правы паводле усіх прынятых міжнародных пактаў і канвенцый ААН.
- Уводзіцца пасада ўпаўнаважанага па правах чалавека. Амбудсмен прадстаўляе інтарэсы грамадства, ахоўвае правы чалавека ў сферы выканаўчай улады, з’яўляецца незалежнай асобай.
- Стварэнне інстытуцыі партнёрскіх адносін.
- Крыміналізацыя дамашняга гвалту.
- Мараторый на смяротнае пакаранне. Чалавечае жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю. Смяротная кара робіць немагчымай прыжыццёвую рэабілітацыю памылкова асуджаных людзей, адкідвае нас у сярэднявечча, прапагандуе гвалт і не вырашае праблему злачыннасці.
- Правядзенне рэформы праваахоўных органаў і спецслужбаў, адвакатуры і натарыяту.
- Адкрыццё архіваў КДБ. Грамадзяне маюць права ведаць усю праўду пра злачынствы камуністычнага рэжыму.
- Падпісанне пагаднення аб Міжнародным крымінальным судзе. У кампетэнцыю гэтага суда ўваходзіць пераслед асобаў, адказных за генацыд, ваенныя злачынствы, а таксама злачынствы супраць чалавечнасці.
- Адсутнасць масавых люстрацый.
- Рэформа пенітэнцыярнай сістэмы.
- Дзяржава падтрымлівае грамадскі сектар. Выдаткоўваецца 1% валавага ўнутранага прадукту на патрэбы грамадскага сектару на конкурснай аснове.
- Дэкрыміналізацыя ўжывання псіхаактыўных рэчаў.
- Уводзіцца пасада ўпаўнаважанага па правах жывёл.
Моладзевая палітыка
Скарачэнне падаткаў для моладзі ва ўзросце да 25 гадоў.
Рэформа войска са змешанай (кантрактная і абавязковая) сістэмай камплектавання арміі. Пад ваенны прызыў падпадаюць мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 18 гадоў, якія не праходзяць навучанне.
Паляпшаецца існуючая або ствараецца новая даступная праграмма льготнага крэдытавання для моладзі з мэтай набыцця жытла. Час чакання не перабольшвае 2 гадоў.
Зніжэнне выбарчага права да 16 гадоў. Выбарчае права зніжаецца да 16 гадоў на мясцовых выбарах. Моладзь мае поўнае права прымаць палітычныя рашэнні. Калі мы хочам прыслухвацца да голасу маладых пакаленняў, давайце дазволім ім таксама вырашаць.
Рэформа і дэідэалагізацыя сістэмы адукацыі
Рэінтэграцыя ў Балонскую сістэму. Адукацыйная сістэма Беларусі рэальна адпавядае ўсім патрабаванням Балонскага працэсу, які гарантуе міжнароднае прызнанне дыпломаў, студэнцкае самакіраванне, універсітэцкую аўтаномію, магчымасць абмену студэнткамі і студэнтамі, выкладчыцамі і выкладчыкамі паміж рознымі ВНУ, а таксама абавязковыя выбары рэктараў і дэканаў.
Скасаванне прымусовых адпрацовак.
Параўнанне стыпендый да мінімальнага пражытачнага ўзроўню.
Дастойныя заробкі выкладчыкаў. Павышаюцца заробкі настаўнікам школ да сярэдніх заробкаў у прамысловасці, а выкладчыкам ВНУ — за павышэнне іх у 1,5 разы ад памеру сярэдніх заробкаў у прамысловасці.
Скасаванне праграм школьных факультатываў, якія выкарыстоўваюцца для ідэалагічнай прапаганды. Вучні самі павінны абіраць тэмы, якія ім цікавыя.
Вывад са школ, ССНУ і ВНУ, структур палітычна, ідэалагічна і рэлігійна арыентаваных дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў. Месцам працы такіх структур з’яўляюцца пазашкольныя ўстановы, маладзёжныя цэнтры, а ў іншых гарадах і ў сельскай мясцовасці — дамы культуры і сельскія клубы. Рэлігійныя аб’яднанні праводзяць навучальна-выхавальную дзейнасць у сваіх памяшканнях або ў памяшканнях, якія яны арандуюць у прыватных асоб і кампаній, а таксама ў грамадскіх аб’яднанняў.
Пашырэнне ведаў замежных моў. Абавязковае вывучэнне адной замежнай мовы у вышэйшэй сістэме адукацыі да ўзроўня C1.
Лічбавізацыя дзяржавы
Перагляд комплекса праграм лічбавізацыі краіны – стварэнне “электроннага ўраду” арантаванага на людзей, а не на бюракратыю.
Пашыраецца механізм электроннага подпісу і паскараюцца працэдуры дакументазвароту. Ва ўзаемадзеянні паміж грамадзянінам і дзяржавай выкарыстоўваецца прынцып “paperless”. Ствараецца прылада, у якой кожны грамадзянін мае анлайн доступ да сваіх дакументаў і дзяржаўных сервісаў.
Уводзяцца практыкі электронных рэферэндумаў нацыянальнага і мясцовага значэння. Выкарыстоўваецца блакчэйн для адчыненых рэестраў.
Праводзіцца рэформа аховы персанальных дадзеных у адпаведнасці з GDPR.
Сацыяльная палітыка
- Стварэнне цэнтраў па адаптацыі бяздомных і незабяспечаных, нарка- і алкахворых да нармальнага жыцця. У гэтых цэнтрах працуюць спецыялісты па вяртанні такіх людзей у грамадства, праводзяць сацыяльную адаптацыю, дапамагаюць у працаўладкаванні. Такія цэнтры павінны з’явіцца ў кожнай акрузе.
- Пераадоленне разрыву ў якасці медыцынскіх паслуг паміж горадам і сельскай мясцовасцю. Усе бальніцы і паліклінікі ў краіне укамплектаваныя патрэбным для гэтага персаналам і маюць аднолькавае сучаснае медыцынскае абсталяванне.
- Рэформа псіхіятрыі.
- Бясплатныя лекі для пенсіянераў ва ўзросце “70+” і дзяцей да трох год.
- Стварэнне праграмы рэпатрыацыі. Спрашчэнне працэдуры атрымання грамадзянства для этнічных беларусаў.
- Пенсійная рэформа. Выроўніваецца пенсійны ўзрост паміж мужчынамі і жанчынамі.
- Забарона свабоднага продажу алкаголя і тытуня. Гандаль моцнымі алкагольнымі напоямі і тытунем дазволены выключна ў спецыялізаваных крамах.
Пераарыентацыя ў знешняй палітыцы
Усталяванне міру. Прымірэнне з краінамі-суседзямі. Вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Увядзенне малога памежнага руху з суседзямі.
Выхад з пастсавецкіх інтаграцыйных аб’яднанняў з дамініраваннем РФ (ЕАЭС) і Саюзнай дзяржавы. Пры гэтым Беларусь павінна выконваць усе ўзятыя на сябе ранейшыя абавязальніцтвы Выхад з саюзаў з Расіяй можа заняць шмат гадоў і будзе звязаны з нашай залежнасцю ад энергетычных рэсурсаў.
Далучэнне да Савету Еўропы. Дадзеная арганізацыя дазволіць паўплываць на абарону правоў чалавека, развіццё дэмакратыі і прававой дзяржавы ў Беларусі. Уступленне ў Савет Еўропы дасць магчымасць жанчынам і мужчынам, якія пражываюць у Беларусі, абараняць свае правы праз еўрапейскія судовыя інстанцыі.
Уступленне Беларусі ў Еўрапейскі саюз. Гэта цывілізацыйны выбар на карысць вяртання краіны да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Першым крокам на гэтым шляху стане далучэнне Беларусі да Шэнгенскага пагаднення.
Дэкаланізацыя, пашырэнне беларускай мовы і культуры
Скасаванне адзінай дзяржаўнай ідэалогіі. Пасады ідэолагаў павінны быць скасаваныя.
Вяртанне бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” ў якасці дзяржаўных сімвалаў.
Выкарыстоўванне беларускай мовы ў абавязковы ўжытак у дзяржаўных органах улады.
Стварэння ўмоў навучання на дзвух дзяржаўных мовах ва ўсіх установах адукацыі. Пераход спачатку адной ВНУ на бел мову, пераход на мову цягам 10 гадоў ва ўсіх ВНУ. Стварэнне і аднаўленне адукацыйных матэрыялаў на беларускай мове.
Аднаўленне беларускіх замкаў. Аднаўлюцца беларускія замкі, палацава-паркавыя ансамблі, якія былі знішчаны ў мінулыя часы. Адбудаваныя Наваградскі і Крэўскі замкі павінны стаць новымі сімваламі сучаснай Беларусі.